Маніфест Mozilla

Уводзіны

Інтэрнэт становіцца ўсё больш важнай часткай нашага жыцця.

Праект Mozilla з'яўляецца глабальнай супольнасцю людзей, якія вераць, што адкрытасць, наватарства і наданне роўных магчымасцяў з'яўляюцца ключавымі складнікамі здаровага развіцця Інтэрнэту. З 1998 года мы разам працуем для таго, каб забяспечваць развіццё Інтэрнэту ў кірунку, які выгадны ўсім і кожнаму. Самым вядомым з нашых праектаў з'яўляецца вэб-браўзер Mozilla Firefox.

Праект Mozilla выкарыстоўвае заснаваны на супольнасці падыход да стварэння праграмнага забеспячэння сусветнага ўзроўню з адкрытым праграмным кодам і развіцця новых відаў сумеснай дзейнасці. Мы ствараем супольнасці людзей, якія робяць знаходжанне ў Інтэрнэце лепшым для ўсіх нас.

У выніку гэтых намаганняў мы выпрацавалі шэраг прынцыпаў, якія, як мы верым, маюць важнае значэнне для таго, каб Інтэрнэт працягваў прыносіць як грамадскую карысць, так і камерцыйную выгаду. Гэтыя прынцыпы прыведзены ніжэй.

Мэтай Маніфеста з'яўляецца:

  1. сфармаваць бачанне Інтэрнэту ўдзельнікамі праекта Mozilla, якога павінна прытрымлівацца Mozilla Foundation;
  2. наладзіць дыялог паміж людзьмі незалежна ад узроўню іх тэхнічнай падрыхтоўкі;
  3. спрыяць таму, каб ўдзельнікі праекта Mozilla ганарыліся праведзенай працай, і заахвочваць да яе працягу; і
  4. быць асновай для распаўсюджвання сярод людзей нашага бачання Інтэрнэту.

Гэтыя прынцыпы не ўвасобяцца ў жыццё самастойна. Каб Інтэрнет стаў адкрытым і агульным, патрэбны ўдзел людзей - дзейсных індывідуальна, якія працуюць у групах і такіх, якія вядуць за сабой астатніх. Mozilla Foundation займаецца прасоўваннем прынцыпаў, выкладзеных у Маніфесце Mozilla. Мы заклікаем усіх далучацца да нас, каб зрабіць Інтэрнэт лепшым для ўсіх і кожнага.

Прынцыпы

  1. Інтэрнэт гэта неад'емная частка сучаснага жыцця—ключавы кампанент у адукацыі, зносінах, супрацоўніцтве, бізнэсе, забавах і грамадстве ў цэлым.
  2. Інтэрнэт з'яўляецца глабальным грамадскім рэсурсам, які павінен заставацца адкрытым і даступным.
  3. Інтэрнэт павінен узбагачаць жыццё кожнага чалавека.
  4. Бяспека і прыватнасць людзей у Інтэрнэце маюць асноватворнае значэнне і не могуць разглядацца як другарадныя моманты.
  5. Кожны чалавек павінен мець магчымасць самастойна фарміраваць Інтэрнэт і ўласны вопыт знаходжання ў Інтэрнэце.
  6. Эфектыўнасць Інтэрнэту як публічнага рэсурсу залежыць ад сумяшчальнасці (пратаколаў, фарматаў дадзеных, зместу), наватарства і дэцэнтралізацыі работы па развіццю Інтэрнэту ва ўсім свеце.
  7. Свабоднае праграмнае забеспячэнне і адкрыты праграмны код спрыяюць развіццю Інтэрнэту ў якасці грамадскага рэсурсу.
  8. Празрыстасць дзейнасці супольнасцяў спрыяе сумеснай працы, павышае адказнасць і давер.
  9. Камерцыйны ўдзел у развіцці Інтэрнэту дае вялікую выгаду; пры гэтым важна выканаць баланс паміж камерцыйным прыбыткам і грамадскай карысцю.
  10. Павелічэнне грамадскіх аспектаў карысці Інтэрнэту з'яўляецца важнай задачай, вартай выдаткаў часу і ўвагі.

Прасоўванне маніфесту Mozilla

Ёсць шмат розных спосабаў увасаблення ў жыццё прынцыпаў маніфесту Mozilla. Мы вітаем разнастайную дзейнасць і чакаем такой жа творчай актыўнасці, якую ўдзельнікі Mozilla праявілі ў іншых галінах праекта. Для людзей, якія не прымаюць актыўнага ўдзелу ў праекце Mozilla, асноўным і вельмі эфектыўным спосабам падтрымкі Маніфеста з'яўляецца выкарыстанне Mozilla Firefox і іншых прадуктаў, якія ўвасабляюць прынцыпы Маніфеста.

Абавязкі Mozilla Foundation

Mozilla Foundation сваімі дзеяннямі будзе падтрымліваць і прасоўваць маніфест Mozilla. У прыватнасці, мы будзем:

  • ствараць і развіваць тэхналогіі з адкрытымі зыходнымі кодамі і супольнасці, якія падтрымліваюць прынцыпы Маніфеста;
  • ствараць і распаўсюджваць больш спажывецкіх прадуктаў, якія падтрымліваюць прынцыпы Маніфеста;
  • выкарыстоўваць актывы Mozilla (інтэлектуальную ўласнасць - аўтарскія правы і гандлёвыя маркі, інфраструктуру, сродкі і рэпутацыю) для падтрымкі Інтэрнэту як адкрытай платформы;
  • прасоўваць мадэлі для стварэння эканамічных каштоўнасцяў на карысць грамадства, і
  • прасоўваць прынцыпы маніфесту Mozilla у грамадскім жыцці і ў Інтэрнэт-індустрыі.

Дзейнасць Mozilla Foundation па некаторых напрамках—у цяперашні час гэта стварэнне, распаўсюджванне і прасоўванне спажывецкіх прадуктаў—ажыццяўляецца ў асноўным праз даччыную кампанію - Mozilla Corporation.

Запрашэнне

Mozilla Foundation прапануе ўсім, хто падзяляе прынцыпы маніфесту Mozilla, далучыцца да нас і адкрываць новыя шляхі ўвасаблення гэтага бачання Інтэрнэту ў жыццё.